ГЕАГРА́ФІЯ СУСВЕ́ТНАЙ ГАСПАДА́РКІ,
навука, якая вывучае сукупнасць узаемазвязаных нац. гаспадарак краін свету і іх развіццё ў працэсе міжнароднага падзелу працы. Падзяляецца на геаграфію сусв. прам-сці, сельскай гаспадаркі і знешнеэканам. сувязей. Даследуе асобныя рэгіёны, мацерыкі, блокі (напр., «Еўрапейскі Саюз»), тыпы краін (напр., краіны — экспарцёры нафты); спецыфічны раздзел — эканам. геаграфія Сусветнага ак. Існуюць таксама раздзелы па асобных геагр. аспектах развіцця сусв. эканомікі (напр., праблема ўздзеяння міжнар. падзелу працы на ўнутр. структуру гаспадаркі асобных краін). Галіновыя раздзелы геаграфіі сусветнай гаспадаркі цесна звязаны з комплексам глабальных праблем, напр., геаграфія энергетыкі — з энергасыравіннай праблемай, геаграфія сельскай гаспадаркі — з харч. праблемай, геаграфія знешнеэканам. сувязей — з праблемай адсталасці краін у эканам. развіцці.
т. 5, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)